7 красавіка 2025 г. — 225 гадоў з дня нараджэння Келясціна Іванавіча Брэна (1800–1875), беларускага краязнаўца, фалькларыста, этнографа, які некалькі год служыў святаром у Кобрыне
Келясцін Іванавіч Брэн нарадзіўся 7 красавіка 1800 г. на Брэстчыне ў сям’і чыншавых дзяржаўных сялян. У розных крыніцах годам яго нараджэння называюцца таксама 1799 г. ці 1802 г. Закончыў Брэсцкае шасцікласнае вучылішча, дзе пасля два гады працаваў выхавацелем. У канцы 1820-х гг. вучыўся і працаваў пісьмаводам у Жыровіцкай духоўнай грэка-ўніяцкай семінарыі, якую закончыў у 1831 г.
2025 г. — 135 гадоў з часу выдання кнігі Дзмітрыя Булгакоўскага «Пинчуки» (1890), этнаграфічнага зборніка аб жыхарах Пінскага Палесся
Этнаграфічны зборнік «Пинчуки» быў выдадзены ў Санкт-Пецярбургу ў 1890 г. Аўтарам зборніка з’яўляецца праваслаўны свяшчэннік Дзмітрый Гаўрылавіч Булгакоўскі, які збіраў на Пінскім Палессі песні, загадкі, прыказкі, абрады, прыкметы, забабоны. У зборнік уключаны 257 песень, 210 загадак, 65 прыказак і прымавак, прыведзены шэраг абрадаў, прыкмет, павер’яў, а таксама погляды мясцовых жыхароў на замагільнае жыццё, слоўнік дыялектных слоў.
21 студзеня 2022 г. — 130 гадоў з дня нараджэння Рыгора Раманавіча Шырмы (1892–1978), харавога дырыжора, фалькларыста, народнага артыста БССР, народнага артыста СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Рыгор Раманавіч Шырма нарадзіўся 21 студзеня 1892 г. у в. Шакуны Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай сялянскай сям’і. Захапленне роднай песняй пачалося ў раннім дзяцінстве. Першым, хто дапамог Рыгору адчуць прыгажосць харавых спеваў, быў хатні настаўнік Салук. Любоў да песні ўзрасла ў час вучобы ў Пружанскім гарадскім вучылішчы (1905–1910), цягу юнака да народнай паэзіі заўважыў настаўнік літаратуры Манцэвіч, які і параіў Рыгору Раманавічу запісваць песні.
10 кастрычніка 2021 г. — 50 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Віктаравіча Калацэя (1971), беларускага культуролага, фалькларыста, этнографа
Вячаслаў Віктаравіч Калацэй нарадзіўся 10 кастрычніка 1971 г. у г. Камянцы Брэсцкай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Бацька, Віктар Іванавіч Калацэй, — настаўнік матэматыкі, дырэктар Камянецкай СШ № 1 (1975–1996); маці, Лізавета Цярэнцьеўна, працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. У 1988 г. Вячаслаў скончыў Камянецкую сярэднюю школу з сярэбраным медалём.
17 ліпеня 2021 г. — 225 гадоў з дня нараджэння Яна Тадэвушавіча Чачота (1796–1847), польскага і беларускага паэта, фалькларыста
Ян Антоні Тадэвушавіч Чачот нарадзіўся 17 ліпеня 1796 г. у в. Малюшычы Навагрудскага павета Слонімскай губерні ў сям’і беззямельнага шляхціча Тадэвуша Чачота і Клавы Гаціскай. Маленства Яна прайшло ў маёнтку графа Тызенгаўза Рэпіхава, дзе яго бацька быў аканомам, дзяцінства — у Новай Мышы (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Першапачатковую адукацыю Ян Чачот атрымаў на занятках з хатнім настаўнікам і ў парафіяльнай школе ў Новай Мышы.
2 кастрычніка 2020 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Анатолія Фёдаравіча Казака (1955), вакаліста, фалькларыста, стваральніка і мастацкага кіраўніка вакальнага ансамбля «Крэсіва»
Анатолій Фёдаравіч Казак нарадзіўся 2 кастрычніка 1955 г. у вёсцы Рыбна Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння васьмігадовай Кіселявецкай школы ў 1971 г. паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча на аддзяленне «культасветработа». Пасля заканчэння вучылішча непрацяглы час працаваў у в. Высокая Ліпа Нясвіжскага раёна, затым быў прызваны ў Савецкую армію.
9 студзеня 2019 г. — 165 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Эдуардаўны Лінёвай (1854–1919), расійскай фалькларысткі, спявачкі, харавога дырыжора
Яўгенія Эдуардаўна Лінёва (Папрыц) нарадзілася 9 студзеня 1854 г. у г. Брэст-Літоўску (цяпер Брэст). Бацька, Эдуард Густававіч Папрыц (1816–1870), служыў выкладчыкам Аляксандраўскага Брэсцкага кадэцкага корпуса. Маці, Ганна Канстанцінаўна (Воган), была таленавітай спявачкай, гарачай аматаркай музыкі, у юнацтве вучылася ў Варшаве ў вялікага рускага кампазітара М. І. Глінкі. Усё, што ўмела і чым валодала, у сэнсе талентаў і навыкаў, Ганна Канстанцінаўна перадала дачцы.
12 жніўня 2018 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Алеся Фаміча Зайкі (1948–2018), педагога, пісьменніка, краязнаўца, этнографа, збіральніка самабытнай народнай лексікі
Алесь Фаміч Зайка нарадзіўся 12 жніўня 1948 г. у вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Фама Якаўлевіч Зайка, быў вясковым цесляром, душой любой кампаніі; маці, Аляксандра Пятроўна, нарадзіла і выхавала шасцёра дзяцей, мела добры голас спявачкі. Школьнікам Алесь палюбіў літаратуру, пісаў апавяданні, перамог у абласным конкурсе юных паэтаў і празаікаў.
1 жніўня 2018 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Міколы (Мікалая Міхайлавіча) Грынчыка (1923–1999), літаратуразнаўца, крытыка, фалькларыста, педагога, заслужанага дзеяча навукі Беларусі
Мікалай Міхайлавіч Грынчык нарадзіўся 1 жніўня 1923 г. у мястэчку Быцень Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер в. Быцень Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе, як лепшага вучня яго паслалі вучыцца ў Варшаву. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР вучыўся ў Слонімскай беларускай школе № 1, а затым перавёўся ў Косаўскую сярэднюю школу.
20 сакавіка 2018 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Карлавіча Здановіча (1898–?), беларускага і рускага музыказнаўца і фалькларыста
Іосіф (Язэп) Карлавіч Здановіч нарадзіўся 20 сакавіка 1898 года ў вёсцы Сялец Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці). З сям’ёй пераехаў у Маскву. Першапачатковую музычную адукацыю атрымаў у дзіцячым прытулку. У Грамадзянскую вайну служыў у ваенных аркестрах Чырвонай арміі.